СЕРАБРО́ САМАРО́ДНАЕ,

мінерал класа самародных элементаў, Ag. Колькасць серабра ў С.с. 99%. Мае прымесі вісмуту, медзі, жалеза, цынку, мыш’яку. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае выгнутыя і скручаныя воласападобныя, дротавыя (да 10 см), пласціністыя, шкілетныя і дэндрытавыя выдзяленні, тонкія ўкрапванні ў сульфідах. Колер серабрыста-белы. Бляск моцны металічны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 10,5 г/см³. Вельмі коўкі. Праваднік цяпла і электрычнасці. Паходжанне гідратэрмальнае і гіпергеннае. Трапляецца ў поліметалічных і сульфідных радовішчах. Гал. кампанент сярэбраных руд.

т. 14, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)